Калі вы падлучаецеся да вэб-сайту, інфармацыю пра гэтае наведванне могуць запісваць не толькі аператары дадзенага вэб-сайту. Зараз большасць вэб-сайтаў выкарыстоўваюць шматлікія вонкавыя сэрвісы, у тым ліку кнопкі "Падабаецца" сацыяльных сетак, аналітыку і рэкламу. Усе яны могуць звязваць паміж сабой вашы дзеянні на розных сайтах.
Выкарыстанне сеткі Tor не дазваляе назіральнікам вызначыць ваша дакладнае месцазнаходжанне і IP-адрас, але нават без гэтай інфармацыі яны могуць звязаць разам розныя праявы вашай актыўнасці. Па гэтай прычыне браўзер Tor мае некаторыя дадатковыя функцыі, якія дапамагаюць вам кантраляваць, якую інфармацыю можна звязаць з вашай асобай.
РАДОК URL
Браўзер Tor засяроджвае сваё дзеянне на вашых адносінах з вэб-сайтам, адрас якога вы пазначылі ў радку URL. Нават калі вы зойдзеце на два розныя сайты, якія выкарыстоўваюць адзін і той жа вонкавы сервіс адсочвання, браўзер Tor прапусціць кантэнт праз дзве розныя схемы Tor. У выніку, звонку не будзе бачна, што абодва злучэнні адбываюцца з вашага браўзера.
З іншага боку, усе наведванні аднаго адрасу вэб-сайту будуць ажыццяўляцца праз адну і тую ж схему Tor, што азначае, што вы можаце праглядаць розныя старонкі аднаго вэб-сайту ў асобных укладках або вокнах без страты функцыянальнасці.

Браўзер Tor мае опцыі "Новая ідэнтычнасць" і "Новая схема Tor для гэтага сайту". Яны таксама знаходзяцца ў галоўным, або гамбургер-меню (≡).
НОВАЯ ІДЭНТЫЧНАСЦЬ
Гэтая опцыя карысная, калі вы хочаце, каб ваша наступная дзейнасць у браўзеры не была звязаная з тым, што вы рабілі раней. Калі выбраць гэтую опцыю, вы закрыеце ўсе адкрытыя ўкладкі і вокны, ачысціце ўсю прыватную інфармацыю, такую як файлы cookie і гісторыю прагляду, і атрымаеце новыя схемы Tor для ўсіх злучэнняў. Браўзер Tor папярэдзіць вас, што ўсе дзеянні і спампоўкі будуць спыненыя, таму ўлічвайце гэта, перш чым націснуць кнопку "Новая ідэнтычнасць".
Каб выбраць гэтую опцыю, вам проста трэба націснуць "Новая ідэнтычнасць" на панэлі інструментаў браўзера Tor.
НОВАЯ СХЕМА TOR ДЛЯ ДАДЗЕНАГА САЙТУ
Гэты параметр карысны, калі выхадны рэтранслятар, які вы выкарыстоўваеце, не можа падлучыцца да патрэбнага вам вэб-сайту або не загружае яго належным чынам. Выбар гэтай опцыі прывядзе да перазагрузкі актыўнай укладкі або вакна праз новую схему Tor. Іншыя адкрытыя ўкладкі і вокны з таго ж сайта таксама будуць выкарыстоўваць новую схему пасля іх перазагрузкі. Гэты параметр не ачышчае ніякай прыватнай інфармацыі і не разрывае вашы дзеянні, а таксама не ўплывае на вашы актыўныя злучэнні з іншымі вэб-сайтамі.
Вы таксама можаце атрымаць доступ да гэтай опцыі ў вакне новай схемы, у меню інфармацыі пра сайт, у радку URL.